ЧЫРВО́НЫ БОР,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Расонскім і Верхнядзвінскім р-нах, Віцебскай вобл. Засн. ў 1997 для аховы унікальных прыродных ландшафтаў і экасістэм. Пл. 34 231 га. Ландшафт мае рысы апошняга Паазерскага зледзянення. Рэльеф моцна расчлянёны, шмат азёр, забалочаных нізін і западзін, вярховых балот, марэнных узгоркаў і град. У расліннасці дамінуюць хвойнікі імшыстыя і верасова-бруснічныя, ельнікі і вытворныя бярэзнікі, асіннікі кісліцавыя; бязлесныя, вярховыя сфагнавыя балоты і інш. У Чырв. кнізе 13 відаў раслін, у т. л. палушнік азёрны, лабелія Дортмана, нітэлопсіс прытуплены, бяроза карлікавая, шпажнік чарапіцавы, лінея паўночная, марошка прысадзістая і інш. Найб. поўны комплекс дэндрафільных і водна-балотных відаў жывёл. У Чырв. кнізе — мядзведзь буры, рысь, беркут, арлан-белахвост, скапа, белая курапатка, чорны бусел, даўгахвостая няясыць, касманогі сыч, сярэдні кулон, залацісты сявец, чорнаваллёвая гагара, вялікі крахаль і інш.
П.І.Лабанок.
т. 17, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)